МУЗЕЙ
ГICТОРЫI
МАГIЛЁВА

БеларускiРусскийEnglish
 

Пра музей
Ратуша
Мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле”
Гісторыя Магілёва
Старыя фотаздымкі
Выставы
Канферэнцыі
Музейныя заняткі, лекцыі
Бібліятэка
Архіў навін

Першая магілёўская ратуша была пабудаваная пасля надання Магілёву Магдэбурскага права (1577 г.), у наступным, 1578 годзе. Яна была драўлянай і размяшчалася на самым пачатку вуліцы Ветранай (цяпер Ленінская).
Рашэнне пра пабудову мураванай ратушы гарадскі магістрат Магілёва прыняў у 1668 г.
У 1679-1681 гг. Пад кіраўніцтвам майстра Феські (Фескі) быў узведзены двухпавярховы будынак ратушы. У 1682-1686 гг. Артэль майстра Крузберга з Быхава ўзвяла перад ратушай каменную вежу, вышынёй у 26 м. 1 верасня 1686 г. гэтая вежа абвалілася.
Новую вежу, якая прастаяла да 1957 г. пачаў узводзіць у 1692 г. майстар Ігнат з артэллю. Яна стала адной з галоўных вертыкальных дамінант горада. 5-ярусная 8-гранная вежа завяршалася гранёным купалам з шпілем, мела балкон з металічнай рашоткай і вялікі гадзіннік. У агульнай кампазіцыі ратуша ўяўляла сабой выбітны помнік беларускага барока.
Падчас знаходжання ў Магілёве ў 1915-1918 гг. Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага Расійскай імперыі, у будынку ратушы размяшчалася радыёстанцыя Стаўкі. Вежа ратушы выкарыстоўвалася як апірышча для антэны.
Пастановай саўнаркаму БССР № 28 ад 23 жніўня 1926 г. магілёўская ратуша была ўзятая пад ахову дзяржавы і аб’яўленая дзяржаўнай каштоўнасцю.
Да рэвалюцыі і ў даваенныя гады на ратушы знаходзіўся пажарны назіральны пост.
У ліпені 1941 г. падчас абароны горада на вежы ратушы лунаў вялікі чырвоны сцяг у адказ на нямецкі ўльтыматум – здавацца.
У дзень вызвалення горада ад нацыстаў на вежы ратушы размясцілася агнявая снайперская кропка, падавіць якую ўдалося толькі артылерыйскім агнём, у выніку чаго ўвесь будынак моцна пацярпеў.
Пасля абследавання пацярпелага ад вайны будынка летам 1945 г. камісіяй з найаўтарытэтных беларускіх гісторыкаў і дойлідаў, ратуша была прызнаная помнікам усесаюзнага значэння.
У 1953 г. Магілёўскі гарвыканкам прыняў рашэнне № 725 “Аб перадачы на захаванне Магілёўскаму гаркамунгасу былой ратушы як помніка архітэктуры і аб завяршэнні да 5 снежня 1953 г. рамонта і аднаўлення ратушы”.
У ліпені 1957 г. за адну ноч у Магілёве былі адначасова знішчаны два помніка дойлідства XVII ст. – ратуша і Успенская царква.
23 мая 1992 г. у прысутнасці грамадскасці горада быў урачыста закладзены і асвячоны архіепіскапам Максімам першы камень у фундамент ратушы, якую меркавалася аднавіць. Будаўнікі адпрацавалі на месцы ў агулам не больш за месяц, пасля чаго наступіла паўза ў аднаўленні будынка на 15 год. На працягу гэтых год грамадскасць горада неаднаразова выступала за працяг аднаўленчых работ – з’яўляліся артыкулы ў прэсе, арганізоўваліся зборы подпісаў.
Новую гісторыю ратушы пачало ў жніўні 2007 г. ААТ “Прамжылбуд”. Вынікі напружанай, творчай работы цяпер відавочныя: адроджаная ратуша была пабудаваная 3 ліпеня 2008 г.
Унікальным кампанентам адноўленай магілёўскай ратушы з’яўляецца вежавы гадзіннік, аўтарам і канструктарам якога стаў Генадзь Галоўчык.

001 002
© 2011. Усе правы абаронены. УК "Музей гiсторыi Магiлёва"
212030 г. Магiлёў, вул. Ленiнская, 1А
Тэл.: +375 (222) 22-99-46
E-mail: ratusha.mogilev@gmail.com